ЯН II КАЗІМІ́Р Ваза

(22.3.1609, Кракаў — 16.12.1672),

кароль польскі і вял. князь ВКЛ [1648—68]. Сын Жыгімонта III Вазы. Намінальна і спадчынна да 1660 насіў тытул караля Швецыі. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, у Трыццацігадовай вайне 1618—48. У 1643—45 чл. ордэна езуітаў, з 1646 кардынал. Пасля смерці старэйшага брата, караля Уладзіслава IV, вызвалены рым. папам з духоўнага звання. 20.11.1648 на сойме абраны каралём польскім і вял. князем ВКЛ пры дапамозе групоўкі магнатаў і шляхты, прыхільнікаў пагаднення з казакамі, што паўсталі на Украіне, каб потым пачаць вайну хрысц. дзяржаў супраць Турцыі і Крым. ханства. Напачатку вёў памяркоўную палітыку ў дачыненні да казакоў у разліку на пагадненне з Б.​Хмяльніцкім, аднак гэта палітыка не дала вынікаў, і вайна на Украіне працягвалася. У 1649 і 1651 узначальваў паходы на Украіну, заключыў Збораўскі і Белацаркоўскі мірныя дагаворы. У час яго панавання адбыліся найб. разбуральныя войны: вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і вайна са Швецыяй і яе саюзнікамі (гл. Паўночная вайна 1655—60). З казацкай старшынай Украіны ён падпісаў Гадзяцкі дагавор 1658, паводле якога Украіна ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай як 3-я ўдзельніца федэрацыі (скасаваны праз год). У гэты час Я. II К. змяніў палітыку, адмовіўся ад саюза з германскім імператарам, які не дапамагаў Рэчы Паспалітай, і пачаў арыентавацца на Францыю. Вайна з Расіяй скончылася Андросаўскім перамір’ем 1667, паводле якога Масква атрымала Смаленскае ваяв. і Левабярэжную Украіну, а таксама Кіеў. Каб умацаваць цэнтр. ўладу, Я. II К. распрацаваў план рэформы дзярж. ладу Рэчы Паспалітай. Ён прапанаваў выбіраць новага караля не пасля смерці папярэдніка, а пры жыцці, каб не было безуладдзя ў час міжкаралеўя. Аднак сойм 1660 і соймікі 1661 выказваліся супраць рэформы. Супраць караля склалася апазіцыйная групоўка на чале з гетманам польным каронным Е.​С.​Любамірскім, у 1665—66 яна ўзняла рокаш. Напачатку ракашане перамаглі каралеўскае войска, аднак пасля вымушаны былі капітуляваць. Суд прыгаварыў Любамірскага да баніцыі (выгнання з краіны), але спроба рэформ была сарвана. Пасля рокашу зрыванне соймаў і соймікаў стала частай з’явай. Агульны гасп. заняпад Рэчы Паспалітай, няўдачы ў войнах, аслабленне міжнар. становішча дзяржавы, напружаныя адносіны з магнатамі і шляхтай, смерць энергічнай і актыўнай у палітыцы каралевы Марыі Людвікі (1667) прывялі да таго, што 16.9.1668 Я. II К. адрокся ад трона і назаўсёды выехаў у Францыю.

Літ.:

Грыцкевіч А. Ян Казімір Ваза // Скрыжалі «Спадчыны». Мн., 1996;

Witusik A.A. Elekcja Jana Kazimierza w 1648 roku. Lublin, 1965;

Czermak W. Ostatnie lata Jana Kazimierza. Warszawa, 1972;

Wasilewski T. Jan Kazimierz. Warszawa, 1985.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 18, кн. 1, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)